У Забашавічы — з новай кнігай

Аграгарадок Забашавічы Барысаўскага раёна 11 жніўня адзначыў 500-гадовы юбілей. Выдавецтва «Чатыры чвэрці» падтрымала значную падзею прэзентацыяй новай кнігі «Забашавічы», выпушчанай у серыі «Малая радзіма: Барысаўскі раён».

Ад самага ранку былі распачаты прыгатаванні да свята: пляцоўка каля клуба ўпрыгожвалася вышытымі ручнікамі, экспазіцыйнымі элементамі – прадметамі народнага побыту, якімі карысталіся некалі местачковыя бабулі, а яшчэ фота- і кніжна-ілюстратыўнай выстаўкамі. Увышыні былі падвешаны рознакаляровыя стужкі і сцяжкі. Відаць, што калектывы Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева, Забашаўскай школы, бібліятэкі, клуба, музея і многіх другіх устаноў папрацавалі добра, супрацоўнікі прыклалі намаганні, каб гэты дзень сапраўды запомніўся прысутным.

Але не толькі ў цэнтры рабіліся захады па стварэнні святочнага настрою: зранку протаіерэй Аляксандр (Пачэпка) разам з айцом Андрэем (Шабалоўскім) здзейснілі богаслужэнне. Да таго ж каля царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы (на жаль, царква страчана ў 1950-х гг. і перабудавана; у пачатку 2000-х гг. адрэстаўравана і цяпер размяшчаецца ў старажытным будынку былога панскага млына) для ўсіх зацікаўленых былі прадэманстраваны важныя моманты з жыцця прыхода – архіўныя дакументы, духоўныя кнігі.

Радасна сустракаў прысутных аўтапрабег калоны машын вакол вёскі, які запрашаў усіх на ўрачысты канцэрт. З розных куткоў Беларусі Забашавічы віталі і мясцовых жыхароў, і ўраджэнцаў, якія да гэтага часу не парываюць сувязі і адчуваюць еднасць з краем, а таксама тых, хто перажывае за лёс аграгарадка, хто з гэтым месцам звязаны лёсам.

Сярод шаноўных гасцей прысутнічалі: старшыня пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т. П. Красоўская, прамова якой была хвалюючай і напоўненай павагай, любоўю да роднага краю; старшыня Савета дэпутатаў Барысаўскага раёна П. В. Навіцкі, старшыня Глівінскага сельскага савета дэпутатаў Д. П. Ліпніцкі адзначылі важнасць такой падзеі для раёна. Протаіерэй Аляксандр (Пачэпка) падкрэсліў блізкасць дат — першай згадкі вёскі Забашавічы і выпуску першай друкаванай кнігі на ўсходнеславянскіх землях Францыскам Скарынам, нягледзячы на тое, што духоўнае жыццё аграгарадка пачынае адлік пазней. Святар таксама перадаў экзэмпляры «Новага Запавету» ў фонды Забашаўскай бібліятэкі і выдавецтва «Чатыры чвэрці».

Супрацоўнікі выдавецтва «Чатыры чвэрці» павіншавалі вялікай падборкай кніг і альбомаў Забашавіцкую бібліятэку, а таксама ўручылі падарункі паважаным гасцям. Ліліяна Анцух, дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва, якая выступіла з прэзентацыяй кнігі «Забашавічы», заўважыла, што сёння гэты «край цікавіць не толькі тых, хто тут жыве. Даследчыкі, навукоўцы, краязнаўцы, царкоўныя гісторыкі займаюцца вывучэннем дакументальных крыніц, археалагічных знаходак, таму што падзеі, якія адбываліся тут, паўплывалі на ўсю нашу айчынную гісторыю».

У новай кнізе «Забашавічы», трэцяй з серыі «Малая радзіма» (ужо пабачылі свет «Землякі: вёска Леванова» (2015) і «Лошніца» (2018)), упершыню пад адной вокладкай аб’яднаны арыгінальныя, выкладзеныя па-беларуску матэрыялы, якія распавядаюць пра гісторыю, а таксама пра духоўнае жыццё і сённяшні дзень вёскi — працоўныя будні і святы, пра арганізацыі, установы, прадпрыемствы, асобных жыхароў.

Менавіта людзьмі славіцца аграгарадок і іх дасягненні былі адзначаны: адбылося ўзнагароджанне лепшых супрацоўнікаў з розных сацыяльных сфер (культуры, медыцыны, адукацыі і інш.). На сцэну запрашалі таксама і ветэранаў працы, чый уклад у агульную справу быў важкі.

Светлыя віншаванні і пажаданні існаваць яшчэ многа гадоў аграгарадку гучалі з галоўнай сцэны. Пасля канцэрта, які ўпрыгожылі мясцовыя і іншыя знакамітыя выступоўцы музычнымі нумарамі, у сямейным клубе «Ачаг» маладыя сем’і адзначылі 20-гадовы юбілей за кубачкам гарбаты.

Праграма мерапрыемства ахапіла час аж да вечара. Многа цёплых і душэўных слоў пачулі супрацоўнікі выдавецтва «Чатыры чвэрці» за сваю працу — новая кніга зойме важнае месца ў сэрцах не толькі вяскоўцаў, але і многіх людзей, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю, Беларусі.

Фота Кацярыны Вараб’ёвай (газета «Адзінства»), Міхася Мацельскага, Марыі Ліпніцкай

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.