У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя выдання Таццяны Шамякінай «Парадоксы времени, или Романтика советской науки»

Навошта савецкія навуковыя караблі шукалі Атлантыду? Чаму фарміраваліся адмысловыя экспедыцыі для даследавання тунгускага феномена? Хто з айчынных пісьменнікаў прадказаў нанатэхналогіі і іншыя цуды сучаснай навукі? Адказы на гэтыя і многія падобныя пытанні можна знайсці ў кнізе доктара філалагічных навук Таццяны Шамякінай “Парадоксы времени, или Романтика советской науки”, што пабачыла свет сёлета ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Прэзентацыя гэтага выдання прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

ХХ стагоддзе — час найвялікшых навукова-тэхнічных адкрыццяў. Неверагодная радасць ахоплівала ўсіх жыхароў планеты падчас палёту першага чалавека ў космас, таямніцы Атлантыды хвалявалі не адно пакаленне даследчыкаў, а многія загадкі нашай планеты застаюцца неразгаданымі і сёння. Дзякуючы Таццяне Шамякінай чытач мае магчымасць прыгадаць значныя падзеі ў навуковым жыцці вялікай краіны СССР, адчуць настрой радасці і рамантычнай захопленасці духам неверагодных знаходак, што панаваў не толькі ў навуковых колах, але і сярод усяго насельніцтва СССР.

Намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч у прывітальным слове заўважыла:

— Тое, што ў нашай бібліятэцы праходзяць сустрэчы з такімі выбітнымі навукоўцамі як Таццяна Шамякіна, сведчыць пра інтарэс грамадскасці да славутых і таленавітых асоб. Ім ёсць што нам расказаць, нам жа вельмі падабаецца слухаць. Хочацца адзначыць і паспяховую працу выдавецтва “Чатыры чвэрці”. У фондах нашай бібліятэкі знаходзіцца больш як 700 кніг, што пабачылі свет у гэтай установе. Гэта нямала! Больш за тое, кожны праект выдавецтва — стыльны, цікавы, аздоблены з вялікім густам.

Працягваючы гаворку пра творчыя здабыткі выдавецтва “Чатыры чвэрці”, яго дырэктар і галоўны рэдактар Ліліяна Анцух распавяла:

— 2015 год азначаны для нашага выдавецтва многімі знакавымі праектамі. Так, да 250-гадовага юбілея Міхаіла Клеафаса Агінскага — а гэтая падзея занесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА — мы выдалі яго мемуары і кнігі яго нашчадкаў. Але побач з гэтымі выданнямі не менш яркімі выглядаюць іншыя праекты, у тым ліку — работа Таццяны Шамякінай «Парадоксы времени, или Романтика советской науки». Тут таксама можна смела казаць пра ўнёсак у культуру Беларусі, «»бо традыцыі пісьменніка Івана Шамякіна, класіка нашай літаратуры, годна працягвае яго дачка, Таццяна Іванаўна.

Кніга «Парадоксы времени, или Романтика советской науки» пабачыла свет у межах серыі «Бібліятэка Мінскага гарадскога Саюза пісьменнікаў Беларусі». Яе куратар паэт Міхась Пазнякоў заўважыў:

— У серыі “Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” ўжо пабачыла свет каля двух дзясяткаў выданняў. Тут зазвычай выходзяць зборнікі прозы ці паэзіі сталічных аўтараў, аднак кніга Таццяны Шамякінай — навукова папулярная, публіцыстычная, ніяк не выбіваецца з агульнага шэрагу, хутчэй наадварот — упрыгожвае і паляпшае праект. Даследаванне вельмі цікавае, у ім такі шырокі дыяпазон, так многа фактаў. Кніга арыентаваная на дасведчаную, падрыхтаваную аўдыторыю, аднак чытаецца яна вельмі лёгка і захапляе аўтарскім стылем, майстэрствам выкладаць факты.

Каб павіншаваць Таццяну Іванаўну з выхадам новай кнігі і сказаць колькі слоў пра само выданне, на прэзентацыю завіталі калегі, сябры, вучні аўтаркі. Кандыдат філалагічных навук Уладзімір Навумовіч работу «Парадоксы времени, или Романтика советской науки» ахарактарызаваў так: “Гэта культурны, псіхалагічны, ментальны аналіз нашага часу, зроблены праз падзею, учынак, інфармацыйную нагоду. Аўтарка не мазаічна, а ў паслядоўнасці падзей вызначае характар і імідж ХХ стагоддзя”.

Студэнтка Лізавета Басалыга падкрэсліла: “Аўтарка кажа пра таямніцы мінуўшчыны, праецыруючы іх на сённяшні дзень, паглыбляецца ў міфалогію, па-новаму арыгінальна аналізуе літаратурныя творы навукова-фантастычнага і прыгодніцкага жанраў”.

А кандыдат філалагічных навук, даследчык літаратуры Міхась Кенька падзякаваў Таццяне Шамякінай за магчымасць згадаць маладосць і дадаў: “У гэтым даследаванні вельмі цікавыя думкі пра сённяшняе чытанне. Аўтарка перачытала многія творы навуковай фантастыкі і прадставіла на яе зусім новы погляд. Гэтая літаратура сёння бачыцца зусім па-іншаму”.

Гісторыю напісання кнігі «Парадоксы времени, или Романтика советской науки» распавяла падчас прэзентацыі сама Таццяна Шамякіна:

— Гады тры таму ў часопісе “Нёман” выйшла серыя маіх артыкулаў з агульнай назвай “Як жыла эліта пры сацыялізме”. Тыя, хто пазнаёміўся з публікацыямі, вельмі прасілі мяне напісаць працяг. У новай рабоце мне захацелася перадаць пафас пазнання, творчасці, імкнення да навукі, усяго таямнічага. Гэта нас цікавіла ў юнацтве. Думаецца, настрой, што чытаецца на старонках новай кнігі, будзе блізкім многім, бо такія пачуцці і памкненні — энтузіязм, духоўны пад’ём — былі характэрнай рысай некалькіх пакаленняў савецкіх навукоўцаў. Нам хочацца таксама, каб і моладзь больш ведала пра той час. Так, нам было складана, але і прымітыўнымі тыя гады не назавеш. Гэтая кніга — не толькі пра мінулае, але і пра наш час, я імкнуся разбурыць некаторыя мас-медыйныя міфы сучаснасці, што маюць свае карані ў Савецкім Саюзе.

Таццяна Іванаўна распавяла, што пад вокладкай кнігі «Парадоксы времени, или Романтика советской науки» — толькі частка багатага матэрыялу, прысвечанага тэме навуковых адкрыццяў, зробленых у савецкі час, і жыццю творчай і навуковай эліты. Таму можна спадзявацца, што хутка чытача чакае новая сустрэча са светам неверагодных дасягненняў і смелых гіпотэз. Яна таксама выказвала вялікую ўдзячнасць выдавецтву за грунтоўную і кампетэнтную прафесійную працу, дадаўшы, што гэтая кніга і афармленне ёй вельмі падабаюцца.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.