Свята ў горадзе над Шчарай

     1 верасня 2019 года ў Слоніме прайшоў ХХVI Дзень беларускага пісьменства, у межах якога супрацоўнікі выдавецтва «Чатыры чвэрці» пазнаёмілі грамадскасць з кнігай-альбомам «Жывая культура Беларусі» (серыя «Культурная спадчына Беларусі»).

     Слонім зачараваў адразу сваімі непаўторнымі краявідамі і акуратнай забудовай на берагах ракі Шчара, дзе праходзіць штучна зроблены Агінскі канал; прыгожыя, апранутыя ў шляхетныя ўборы ўдзельнікі дзейства прыемна ўзрушылі і падаравалі святочны настрой моладзі і дзецям, прыцягнулі ўвагу старэйшага пакалення. Перад гасцямі і жыхарамі Слоніма адбылася маштабная, з выкарыстаннем сучасных мультымедыйных сродкаў, канцэртная праграма з акцэнтам на багатую гісторычную і культурную спадчыну роднага краю. Горад спяваў, танчыў, весяліўся і цікавіўся жывым словам і кнігамі на прэзентацыях пісьменнікаў.

     Выдавецтвам «Чатыры чвэрці» былі прэзентаваны навінкі, паказаныя на выставачных стэндах ААТ «Белкніга» ў павільёне «Слова пісьменніка»: пяты выпуск серыі «Культурная спадчына Беларусі» — багата ілюстраваная кніга-альбом «Жывая культура Беларусі» (на беларускай, рускай, англійскай, французскай мовах), і яе спадарожнік — англамоўная версія «Intangible Culture of Belarus» (Нематэрыяльная культура Беларусі). Радавалі прысутных і кнігі-пераможцы LVIII Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»-2019: «Беларускія скарбы ЮНЕСКА» (серыя «Культурная спадчына Беларусі»), а таксама краязнаўчыя выданні «Лошніца», «Забашавічы» (серыя «Малая радзіма: Барысаўскі раён»), прысвечаныя Году малой радзімы.

     Плённым апынуўся год для нашых аўтараў, сярод якіх ёсць тыя, хто атрымаў высокія ўзнагароды і стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Віншуем з перамогай Міколу Маляўку (намінацыя «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» за зборнік вершаў «Сланечнiк») і Алега Ждана (намінацыя «Лепшы твор прозы» за кнігу «Геній»).

     Значнай падзеяй для беларусаў і замежных гасцей стала адкрыццё ў межах Дня пісьменства помніка Льву Сапегу — дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, дыпламату, старасту Слоніма, дзякуючы намаганням якога быў выдадзены ІІІ Статут ВКЛ (1588 г.). Аўтар праекта — народны мастак Беларусі, скульптар, ураджэнец Слонімшчыны Іван Якімавіч Міско, разам з якім над стварэннем помніка працавалі Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін.

     Разнастайная палітра творчых калектываў, выступленні маладых таленавітых выканаўцаў, спартыўныя спаборніцтвы і забаўлянкі для малых удзельнікаў свята неверагодна ўражвалі. Супрацоўнікі выдавецтва шчыра ўдзячны за цёплую сустрэчу і суправаджэнне падчас свята ўраджэнцы слонімскай зямлі Святлане Аркадзьеўне Панасеня.

     Многае застанецца не толькі адбіткам у памяці, але таксама і на фотаздымках выдавецтва «Чатыры чвэрці»: урачыстае шэсце, прысвечанае ХХVI Дню беларускага пісьменства; святочная канцэртная праграма на галоўнай сцэне; пляцоўка «Чароўнае слова тэатра» ва ўнутраным дворыку Слонімскага драматычнага тэатра; кніжны магазін «Санет» і інш.

Фотаздымкі выдавецтва «Чатыры чвэрці»

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.