След паэтычны ў “Жыццёвым полi”

27 мая 2014 г. у раённым Цэнтры культуры г. Валожына прайшло літаратурнае свята, прысвечанае прэзентацыі кнігі паэзіі “Жыццёвае поле” ўдзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Марыі Шакун.

…Хай у сэрцы тваім хопіць месца

Для ўсяго, што жыве на зямлі,

Няхай плача яно і смяецца,

Калі гора ці радасць прыйшлі…

 

Марыя Шакун 

 

   На сустрэчу з аўтарам выдання завіталі шаноўныя госці – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч, дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” (тут і выйшла кніга Марыі Антонаўны), выдатнік друку Рэспублікі Беларусь Ліліяна Анцух і галоўны менеджар Святлана Франко, першы сакратар грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Генадзь Пашкоў, старшыня прыёмнай камісіі, член Прэзідыума СПБ Уладзімір Навумовіч, прафесар, пісьменнік і публіцыст Іван Саверчанка, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп, галоўны спецыяліст абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі, а таксама фундатар кнігі і пляменніца паэткі Ларыса Кушнерская. Раздзяліць з Марыяй Антонаўнай радасць аднаго з самых прыемных імгненняў яе жыцця прыехалі і дзве сваячкі з Санкт-Пецярбурга. Шмат было на прэзентацыі і сяброў-гараджан валожынскай паэтэсы.

Літаратурнае свята-прэзентацыя пачалося з песні на словы Марыі Антонаўны, музыку да якой напісала і пасля адаптавала атрыманы твор для свайго хору “Спяваючыя сэрцы” Яўгенія Харук. Затым прагучалі шматлікія выступленні-віншаванні, падчас якіх віноўніцы ўрачыстасці быў уручаны адзін з самых дарагіх падарункаў таго вечара – пасведчанне і нагрудны знак члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэту ганаровую місію выканаў Генадзь Пашкоў.

На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі вершы, якімі валожынская паэтка шчодра дзялілася з гасцямі прэзентацыі. Кожны з твораў быў прысвечаны пэўнай тэматыцы і закранаў моманты дзяцінства і сталення Марыі Антонаўны, яе працоўнага шляху на ніве асветы, яе сённяшняга жыцця і інтарэсаў. Віншавалі з выхадам другога зборніка (першы пад назвай “Песняй рамонкаў” выйшаў у выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў 2007 годзе) шаноўныя госці, сябры, калегі М. А. Шакун і тыя, хто пачынаў працаваць разам з ёй. А артысты раённага Цэнтра культуры дарылі ёй песні…

Вядома, кожнаму творцу ёсць над чым працаваць, шліфаваць паэтычнае майстэрства, узбагачаць літаратурную спадчыну Валожыншчыны. Пажадалі гэтага і Марыі Антонаўне з наказам, каб яшчэ не раз аматары паэтычнага мастацтва змаглі атрымаць асалоду ад новых кніг гэтага аўтара.

Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара

Матэрыял газеты “Працоўная слава” (г. Валожын)

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.