Праект «Міхал Клеафас Агінскі і Беларусь»

Падчас кейс-канферэнцыі «Прэміі HR-брэнд 2016» у намінацыі «Культура» прагучаў паланэз М. К. Агінскага «Развітанне з Радзімай» у выкананні… калектыву выдавецтва «Чатыры чвэрці».

«Прэмія HR-брэнд 2016» — штогадовы конкурс, арганізатарам якога з’яўляецца RABOTA.TUT.BY, за лепшую працу з рэпутацыяй кампаніі як працадаўцы, а таксама платформа для абмену новымі ідэямі у галіне работы з персаналам. Гэты вопыт даўно выкарыстоўваецца ў Расіі, Украіне, Казахстане, у Беларусі яна праводзіцца з 2014 года.

Намінацыя «Культура» ўпершыню ўведзена ў 2016 г. у межах Года культуры і скіравана на падтрымку ініцыятыў, развіццё народных традыцый, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Яе ўдзельнікі — дырэктары, бізнесмены, HR-менеджары паспяховых кампаній нашай краіны. У склад журы ўвайшлі міжнародныя эксперты — выбітныя майстры сваёй справы: топ-менеджары, бізнес- і HR-эксперты, прадстаўнікі медыя.

Падсумоўваючы зробленае ў розных кірунках, выдавецтва «Чатыры чвэрці» прыняло рашэнне аб удзеле ў «Прэміі HR-брэнд 2016» без усялякіх разважанняў, каб паказаць адзін з самых знакавых праектаў, работа над якім доўжылася больш за 20 гадоў — «М. К. Агінскі і Беларусь».

Мерапрыемства праходзіла ў два этапы: праца профільнага журы, якое ацэньвала заяўленыя праекты, і канферэнцыя, дзе намінанты знаёмілі са сваімі праектамі прысутных.

Калектыў выдавецтва прапанаваў увазе ўдзельнікаў канферэнцыі грунтоўны, цікавы праект «Міхал Клеафас Агінскі і Беларусь», які прадставіла Ліліяна Анцух:

— У гэтым годзе нашаму выдавецтву споўнілася 23 гады. Набліжаемся да чвэрці стагоддзя. Прафесійныя інтарэсы працуючых — культура ў краіне і свеце нацыянальная, духоўная, музычная, фізічная. Менавіта таму ў свой час мы зацікавіліся постаццю М. К. Агінскага. Доўгі час імя гэтага чалавека згадвалася толькі зрэдку, калі канцэртная зала напаўнялася чароўнымі гукамі паланэза ля-мінор, шырокай публіцы вядомага пад назвай «Развітанне з Радзімай». Ён нарадзіўся ў Гузаве (Польшча), але 20 гадоў (1802-1822) пражыў у падораным яму маёнтку, у Залессі, пад Смаргонню. Гэта былі шчаслівыя, вельмі плённыя гады: раслі яго дзеці, ён займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, быў мецэнатам, пісаў музыку. М. К. Агінскі за гэты час паспеў зрабіць вялікі ўнёсак у еўрапейскую культуру. Вось чаму мы — беларусы — упэўненыя, што М. К. Агінскі і наш гонар!

І калі, азірнуўшыся назад, выкласці ў хроніцы падзеі, звязаныя з нашым славутым нашчадкам, то малюнак праекта «Міхал Клеафас Агінскі і Беларусь» — даўжынёю ў 20 гадоў.

1995 г. — пасол Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі Уладзімір Шчасны знаёміцца з музыкам і кампазітарам Іва Залускім. І — сенсацыя! Іва — прамы нашчадак, прапрапраўнук М. К. Агінскага. Пазней адбылося знаёмства са старэйшым братам Іва — Анджэем. Абодва мужчыны з трапяткім пачуццём ставіліся да памяці свайго вялікага продка: збіралі матэрыялы, архіўныя дакументы і яго музычныя творы.

Анджэй пагадзіўся напісаць кнігу пра жыццё М. К. Агінскага — дыпламата, дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, музыканта і кампазітара, адной з выбітных асоб еўрапейскай гісторыі і культуры. Ён нават выпусціў яе невялікім тыражом у Вялікабрытаніі. У Іва таксама быў сабраны велізарны матэрыял (нават было генеалагічнае дрэва!), але ўжо пра нашчадкаў генія.

З ідэяй папрацаваць над выдавецкім праектам спадар амбасадар пасля хаджэнняў па розных беларускіх установах прыйшоў у выдавецтва «Чатыры чвэрці», дзе збожжа трапіла ў добрую глебу і «з іскры ўзгарэлася полымя».

1999 г. — калектыў выдавецтва радуецца завяршэнню працы і выхаду кнігі Анджэя Залускага ў перакладзе Вячаслава Плютава з удзелам прафесара Адама Мальдзіса і спадара Уладзіміра Шчаснага. З гэтага часу М. К. Агінскі трывала пасяліўся ў нашым калектыве як невычэрпная крыніца радасці і энергіі. У няпростых эканамічных умовах тых гадоў гэта было вельмі неабходна нашым супрацоўнікам.

2007 г. — пасля цікавых сустрэч, адказнай калектыўнай працы — у тым ліку цяпер і музычнага рэдактара Святланы Немагай — выходзіць у свет кніга Іва Залускага «Ген Агінскага». Браты прыязджалі ў Беларусь, мы правялі з імі шмат часу, гэтыя сустрэчы незабыўныя.

Час імклівы… Ён быў насычаны мноствам падзей, якія адбыліся пасля выхаду кніг «першапраходцаў», што прадставілі асобу М. К. Агінскага не толькі на беларускай культурнай прасторы, але і на ўсёй постсавецкай. Гэта былі падзеі, якія ужо і не пералічыць. Дзякуючы Нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь у краіне з'явіўся асабісты архіў М. К. Агінскага (у копіях) з Нацыянальнага гістарычнага музея ў г. Маскве; адрэстаўравана сядзіба ў Залессі; паводле п'есы Уладзіміра Драздова пастаўлены ў Маладзечне спектакль «Фантазія ля-мінор», прафесар Віктар Скарабагатаў, кандыдат мастацтвазнаўчых навук Святлана Немагай даследуюць музычную спадчыну М. К. Агінскага.

Прысутнасць у нашым калектыве Міхала Клеафаса адчувалася заўсёды. Безумоўна, за гэтыя гады склад супрацоўнікаў мяняўся. Аднак і новыя людзі траплялі ў атмасферу, напоўненую цяпер творамі таленавітых беларускіх празаікаў, паэтаў і, вядома, музыкай.

Сёння невялікі, у большасці сваёй малады калектыў з сур'ёзнымі намерамі, які зарэкамендаваў сябе годным даверу дзяржавы і сваіх партнёраў, працягвае абраны аднойчы шлях.

2015 г. — 250-годдзе з дня нараджэння славутага генія нашай зямлі. І раптам — нібы адкрыўся нябачны шлюз — абрынулася плыня з мерапрыемствамі ў славу М. К. Агінскага:

  • ЮНЕСКА ўключае ў Спіс памятных дат;
  • у Беларусі на дзяржаўным узроўні прыняты План мерапрыемстваў па святкаванні юбілею;
  • канферэнцыі, канцэрты, балі і інш.

Мы апынуліся на вышыні. Адважная ідэя — пераклад з французскага на рускую мову прыжыццёвых мемуараў Міхала Клеафаса Агінскага, выпушчаных у Парыжы ў 1826 г., за два гады да юбілею ўжо пачала ажыццяўляцца. Юбілей мы сустрэлі годна: два салідныя тамы «Мемуараў» ашчасцілі краіну. Беларусь стала чацвёртай у свеце ўладальніцай (пасля Швейцарыі, Польшчы і Літвы) перакладзеных на русскую мову твораў. Мы зрабілі яшчэ адно адкрыццё: М. К. Агінскі — таленавіты літаратар! Вачыма відавочцы на старонках «Мемуараў» паўстаюць падзеі гісторыі Рэчы Паспалітай канца XVIII ст., адлюстраваны сітуацыі на беларускіх, польскіх, літоўскіх землях у пачатку XIX ст.: паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, напалеонаўскія войны, паказаны фігуры вядомых асоб — караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, князя Пацёмкіна, імператара Аляксандра І, палкаводца Напалеона Банапарта і многіх іншых.

Але і гэтага было недастаткова: мы зноў звярнуліся да братоў Залускіх, якія радасна прынялі ідэю другога выдання сваіх кніг. Напоўніўшы аўтарскія тэксты назапашаным намі за 20 гадоў матэрыялам, мы выпусцілі цудоўныя кнігі пра М. К. Агінскага і яго нашчадкаў для маладога пакалення — чытачоў XXI стагоддзя

Паралельна папрацавалі над партытурай першай беларускай оперы, напісанай Алегам Залётневым на лібрэта Сяргея Макарэя, і выпусцілі яе ў свет. Прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах: у Залессі, у Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, міжнародных выставах, канферэнцыях і інш., і цяпер выйшлі на «Прэмію HR-брэнд 2016», дзе былі адзначаны ганаровым Дыпломам удзельніка ў намінацыі «Культура».

Дарэчы, мы вельмі рады, што калектыў Белгазпрамбанка — адзін з намінантаў «Культуры» — атрымаў вышэйшую ўзнагароду за рэалізацыю нацыянальнага гісторыка-культуралагічнага праекта «Арт-Беларусь». У межах яго былі прадстаўлены выдавецкія альбомы, якія сталіся плёнам агульнай працы — Белгазпрамбанка і выдавецтва Чатыры чвэрці: «Мастакі Парыжскай школы», «Час і творчасць Льва Бакста».

Скептыкі ўжо даўно пачалі прадказваць гібель друкаванай кнігi. Але праект «М. К. Агінскі і Беларусь», створаны працай нашага калектыву, аб’яднаў вакол сябе дыпламатаў, гісторыкаў, перакладчыкаў, экскурсаводаў і іншых дзеячаў культуры. Ён — яркае абвяржэнне песімістычных сцвярджэнняў. Кніга была, ёсць і будзе!

Такія выданні з’яўляюцца стымулам для далейшай плённай працы — здзяйснення новых выдавецкіх праектаў — і ажыццяўлення творчых ідэй.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.