Памяць вякоў — у слове

2 верасня 2018 г. у г. Іванаве адбылося галоўнае літаратурнае свята краіны — юбілейны «XXV Дзень беларускага пісьменства». Выдавецтвам «Чатыры чвэрці» былі прадстаўлены кнігі з серыі «Малая Радзіма. Барысаўскі раён» («Лошніца», «Забашавічы») і кніга-альбом з серыі «Культурная спадчына Беларусі» «Беларускія скарбы ЮНЕСКА» (укладальнік і аўтар Анцух Л. Ф.), на стэндзе «Сучасная беларуская кніга і прэса» прэзентавана літаратурна-мастацкае выданне Зінаіды Дудзюк «На парозе раю» (серыя «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі») з удзелам аўтара — лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2018).

Плён культурных багаццяў мінуўшчыны і сённяшняга дня прывабліваў позіркі гасцей заходне-палескага горада Іванава, які меў назву Янаў да 1940 г. Упрыгожаны, ён вітаў чысцінёй вуліц, шматлікімі ўсмешкамі; сваёй самабытнасцю ўражвала выстаўка з драўляных скульптур ад мясцовых майстроў, дзе былі выяўлены асобы, што праславілі рэгіён. Светлым напамінам аб свяце для жыхароў Іванава і ўдзельнікаў Дня пісьменства стане адкрыты ў першую нядзелю верасня сімвалічны памятны знак «Янава слова» (аўтары: А. Шаціла, А. Сарокін і Г. Багаткіна) — сонечны гадзінннік з замацаваным у мармуровай чашы пяром.

Выдавецтва «Чатыры чвэрці» ў абвешчаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь «Год малой радзімы» прадставіла грамадскай супольнасці важныя з культуралагічнага боку выданні. Гэта не толькі прысвечаныя роднаму краю кнігі, што з’яўляюцца для кагосьці малой радзімай, але і знакавыя для беларускай культуры: «Лошніца» (2018) — з серыі «Малая радзіма: Барысаўскі раён»; «Беларускія скарбы ЮНЕСКА» (2018) — з серыі «Культурная спадчына Беларусі», а таксама многія іншыя. Кнігі выдавецтва знаходзіліся на стэндзе «Сучасная беларуская кніга і прэса», там жа і адбылася прэзентацыя — пад назвай «Сіла і слабасць жанчыны» — новай кнігі Зінаіды Дудзюк «На парозе раю». Цікаўныя навучэнцы гімназіі г. Іванава падтрымалі выступоўцаў: для моладзі было вельмі пазнавальна дазнацца пра жыццёвыя сітуацыі галоўных гераінь аповесцей і апавяданняў Зінаіды Іосіфаўны, якія аказваліся часам у складаных і невырашальных ўмовах.

Сустрэчы з беларускімі і замежнымі пісьменнікамі, а таксама выдаўцамі, журналістамі, азнаямленне з кніжнай прадукцыяй — усё гэта было прадугледжана ў межах Дня пісьменства. На галоўнай пляцоўцы ў гарадскім парку адбыўся ўрачысты канцэрт з удзелам знакамітых калектываў і выканаўцаў, кульмінацыя — ушанаванне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сярод іх і нашы аўтары: Казімір Камейша, Зінаіда Дудзюк, Георгій Марчук. Віншуем іх з высокімі узнагародімі і жадаем далейшай плённай працы!

Сонечны Іванаў пакінуў цёплыя ўражанні і ва ўдзельнікаў, і ў гасцей Дня беларускага пісьменства. У наступным годзе усе запрошаны на свята ў Слонім.

Фота: А. Шчыракова, С. Быкавай, Ж. Клімянок, М. Ліпніцкай

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.