«Несур’ёзна пра сур’ёзнае»

Выдавецтва «Чатыры чвэрці» і Саюз пісьменнікаў Беларусі ў Дзень смеху 1 красавіка ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусь правялі прэзентацыю серыі кніг «НЕСУР’ЁЗНА ПРА СУР’ЁЗНАЕ» пад дэвізам: «Пакуль мы смяёмся — з намі ўсё ў парадку». У гэтай серыі ўжо ўбачылі свет кнігі: «Тэрапія смехам» Савелія Паўлава, «Смех для всех» Ірыны Фамянковай, «Тары-бары» Анатоля Зэкава, «Прыколы ад Міколы» Міколы Шабовіча, «На все село один мужик» Васіля Ткачова, і гэта пры тым, што яна была заснавана напрыканцы 2014 года.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізавала выставу новых кніг выдавецтва.

Вядучымі імпрэзы былі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі — Ліліяна Анцух, дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці» і Навум Гальпяровіч, пісьменнік, галоўны дырэктар радыёстанцыі «Беларусь», якія распавялі пра тое, як узнікла ідэя «несур’ёзнай» серыі.

Ліліяна Анцух адзначыла:

«Вядома, даўно не сакрэт, што на адну і тую ж з’яву жыцця можна паглядзець па-рознаму. Нехта здзіўлена, нехта злосна, нехта абыякава. Але ж заўсёды можна ўбачыць нешта смешнае вакол сябе, па-добраму ўсміхнуцца, адразу свет зменіцца – заззяе ўсімі колерамі радасці.

Так здарылася, што займаючыся вельмі сур’ёзнымі справамі – рыхтуючы нашы грунтоўныя выданні, працуючы з вядомымі пісьменнікамі – празаікамі і паэтамі – мы заўважылі шмат смешнага ў іх творах. Нарадзілася ідэя гэтай серыі. Агучылі. Не надта шырока спачатку, але адразу узніклі выдавецкія праекты. І цяпер гучыць у выдавецтве «вясёлая» нотка. І спяваць на гэтай ноце мы будзем доўга, бо шмат рукапісаў у плане

Удзельнікі імпрэзы сустрэліся акрамя аўтараў кніг і з іншымі пісьменнікамі-гумарыстамі – Генадзем Аўласенкам, Міколай Чарняўскім, Міколай Маляўкам, Наталляй Пахамовіч, а таксама з вядомым мастаком Валянцінам Губаравым, карціны якога з поспехам экспануюцца ў Францыі, Аўстрыі, Германіі, і многія з іх ляглі ў аснову мастацкага афармлення кніг серыі. У выкананні аўтараў прагучалі гумарэскі і літаратурныя пародыі.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў у сваім выступленні прапанаваў кожнаму аўтару напісаць твор, прысвечаны любімаму выдавецтву «Чатыры чвэрці», а самаму выдавецтву – такую кнігу выдаць.

З жартоўнымі музычнымі творамі перад гасцямі выступіў добры сябра выдавецтва – камерны хор «Класіка». Цудоўны настрой падарыў прысутным дзіцячы танцавальны ансамбль з грамадскага аб’яднання «Сіндром Дауна».

Акрамя кніг серыі «Несур’ёзна пра сур’ёзнае», таксама прадстаўлялі новую кнігу Уладзіміра Ермалаева «Смех у мех, а сум у торбу», якая выйшла з друку ў серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі». Прысутныя ўшанавалі памяць вядомага пісьменніка-гумарыста, што нядаўна пайшоў з жыцця, хвілінай маўчання.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.