Навагодні шчадрэц

      У маскоўскага сатырыка В. Каклюшкіна ёсць маналог “Гумарысты…”, з якім ён выступае ў тэлевізійных праграмах “Петрасян-шоу”, “Смяяцца дазваляецца”, “Ізмайлаўскі парк”. У яго — маналог, а ў беларускіх гумарыстаў напачатку студзеня 2020 года адбылася цэлая імпрэза пад назвай “Навагодні шчадрэц”. Прайшла яна ў гасцёўні выдавецтва “Чатыры чвэрці”, якім кіруе больш за 25 гадоў неардынарная жанчына Ліліяна Фёдараўна Анцух, сябра двух творчых саюзаў—пісьменнікаў і музычных дзеячаў. А нагодай для мерапрыемства стала пяцігодка выдання кніг гумарыстычнай серыі “Несур’ёзна пра сур’ёзнае”. З 2014 года — часу заснавання серыі — выйшла больш за дваццаць кніг вясёлага зместу. Сярод іх — зборнікі знакамітых пісьменнікаў Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы, Міколы Чарняўскага, Леаніда Левановіча, Васіля Найдзіна, Міхася Пазнякова, Генадзя Аўласенкі, Міхася Слівы, Януся Мальца, Анатоля Зэкава, Міколы Шабовіча, Яўгена Хвалея, Алеся Камароўскага, Васіля Ткачова, Савелія Паўлава, Надзеі Салодкай, а таксама Аляксандра Мартыненкі, Рэгіны Рэўтовіч, Уладзіміра Цануніна, Андрэя Сідарэйкі, Аляксандра Жукоўскага, Ірыны Фамянковай, Пятра Радзечкі. Кнігі ілюстраваны работамі вядомага мастака Валянціна Губарава.
      Шчадрэц — даўні вечаровы звычай перад старым Новым годам, сам гэты вечар, шчодры, часцей за ўсё, на розныя дзівацтвы і штукарствы. Напрыклад, маладыя дзяўчаты гадалі, хто хутчэй выйдзе замуж, кідаючы аладкі сабаку, вясковыя падшыванцы здымалі, мянялі веснічкі суседзям, бялілі шыбы вокнаў. Пра гэта нагадалі вядучыя імпрэзы пісьменнік Яўген Хвалей і рэдактар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Жанна Клімянок. Ну а самі гумарысты чыталі свае творы, ад якіх ва ўсіх прысутных расплываліся на тварах усмешкі. Не ўтрымацца было ад смеху, калі дэкламавалі свае вершы “Лёкса ў люксе” Мікола Чарняўскі, “Бацькава папруга” Казімір Камейша, “Новы год” Рэгіна Рэўтовіч; гумарэску “Галава — не вядро…” Янусь Малец, “Матрошкі з малаткамі” Васіль Найдзін; байку “Асліная пенсія” Яўген Хвалей, урывак з аповесці “Смаку не абабрацца…” Алесь Камароўскі, пародыі Генадзь Аўласенка, Анатоль Зэкаў і Мікола Шабовіч.
      На вечары прысутнічалі галоўны рэдактар часопіса “Вожык” Юлія Зарэцкая і яе намеснік мастак Аляксандр Каршакевіч, з боку якіх паступіла прапанова сумеснага супрацоўніцтва ў галіне гумару.

     “Навагодні шчадрэц” гумарыстаў стаў добрай запеўкай для наступных імпрэз выдавецтва “Чатыры чвэрці”. А планаў у супрацоўнікаў на выданне кніг у дваццатым годзе шмат.

Чатыры квадры месяца…
Чатыры века чвэрці…
“Ч Ч” займае месца
На вільчаку ў кніжным свеце.

      Некалі Дастаеўскі напісаў: «Прыгажосць выратуе свет». Перафразіраваўшы, можна сказаць: «Гумар выратуе свет», бо калі кожны з зямлян пачне смяяцца са сваіх недахопаў і недахопаў іншых, зброя стане цацачнай.

© Тэкст Яўген Хвалей
© Фотаздымкі Марына Варабей

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.