Культура без межаў

У панядзелак, 9 лістапада, у літаратурна­-музычнай гасцёўні Мастоўскай раённай бібліятэкі адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня культуры, які праходзіць у нашым раёне з 9 па 15 лістапада.

Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта А.С. Яраш, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.С. Дзейкало. Сярод запрошаных гасцей – паэт, перакладчык, публіцыст, журналіст, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі  Г. П. Пашкоў, а таксама члены Саюза пісьменнікаў Беларусі А.М. Зэкаў, А.А. Легастаева, Д.А. Дземідовіч, Я.Явіч, якая да таго ж з’яўляецца супрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, галоўны менеджар выдавецтва “Чатыры чвэрці” С.І. Франко.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама А.С. Яраш. Ён адзначыў, што ў нашым раёне заўсёды падтрымліваюцца ўсе добрыя памкненні і пачынанні, у тым ліку і ў галіне культуры.

- ­­ Спадзяюся, што ўсе мерапрыемствы Тыдня культуры знойдуць жывы водгук у сэрцах і справах жыхароў раёна, і асабліва маладога пакалення мастаўчан, ­­ - падкрэсліў Аляксандр Сяргеевіч.
Дарэчы, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.С. Дзейкало Тыдні культуры ладзяцца ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны. Гэта доўгатэрміновы праект, які носіць не камерцыйны, а асветніцкі характар.

-  Нашы работнікі культуры заўсёды гатовы да творчага, канструктыўнага дыялога з насельніцтвам, ­­-  заўважыў Сяргей Сяргеевіч. – Упэўнены, што ўсе запланаваныя мерапрыемствы Тыдня культуры знойдуць сваіх удзельнікаў і прыхільнікаў, прадэманструюць лепшыя напрацоўкі нашых спецыялістаў і нікога не пакінуць раўнадушнымі.

Сваё музычнае прывітанне падараваў слухачам народны ансамбль народнай песні “Ярыца”, пасля чаго слова ўзялі госці, удзел у адкрыцці Тыдня культуры якіх прыдаў мерапрыемству асаблівую значымасць і каларыт. Творчая сустрэча “Гарачы след таленту” прайшла ў атмасферы шчырасці,   творчасці і нейкага асаблівага ўзаемаразумення паміж паэтамі і слухачамі. Было адчуванне, што сустрэліся даўно знаёмыя, каб параіцца, пазяліцца думкамі і планамі на будучае.

Генадзь Пятровіч Пашкоў, напрыклад, адзначыў, што гэта другое яго падарожжа на Мастоўшчыну. Упершыню ён пабываў тут у 1970 годзе, быў нямала ўражаны Гудзевіцкім музеем, а свае думкі і перажыванні перадаў у вершы.

Дзмітрый Аляксандравіч Дземідовіч – зямляк Якуба Коласа, і з дзяцінства памятае яго як “дзядзечку ў капелюшы”. Цікава, што бацька паэта быў плытагонам і калісьці бываў у Мастах. Акрамя “каласавін”, ён піша на сацыяльныя тэмы. З­пад яго пяра выходзяць яркія і трапныя жартоўныя вершы.

Так супала, што  і лёс Аліны Антонаўны Легастоевай таксама звязаны з Гродзеншчынай: калісьці яна пачынала працаваць на станцыі Ашмяны. З вуснаў паэткі  прагучалі вершы пра каханне і жанчын.
Да вечнай тэмы асэнсавання жыцця і свайго месца ў ім звяртаецца ў сваёй творчасці маладая паэтка Яна Явіч. Яна працуе ў газеце “Літаратура і мастацтва”, а першы яе зборнік выйшаў у свет у выдавецтве “Чытыры чвэрці”, вобласць выдавецкіх інтарэсаў якога – культура, навука, адукацыя.

- ­­ Наша бібліятэка падтрымлівае цесную сувязь з выдавецтвам на працягу многіх гадоў, ­­ - адзначыла дырэктар Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццяна Іосіфаўна Стэльмах. – Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву фонды бібліятэкі пастаянна папаўняюцца цікавай літаратурай. Набыты серыі кніг “Дзеці вайны”, “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” і інш.

Больш падрабязна з дзейнасцю выдавецтва прысутных пазнаёміла яго галоўны менеджар Святлана Іванаўна Франко, якая не так даўно была ўзнагароджана Мітрапалітам Паўлам Патрыяршай Граматай за працу на ніве асветы.

Пра сур’ёзныя з’явы і рэчы з гумарам. Менавіта так можна ахарактарызаваць выступленне паэта Анатоля Зэкава, які піша ў розных жанрах. Шырокаму колу чытачоў вядомы яго вершы, песні і пародыі. Яго героі – простыя людзі, якіх ён сустракае на такіх жа сустрэчах, у цягніках падчас сваіх творчых вандровак, у нашых беларускіх вёсках.

На памяць аб наведванні Мастоўшчыны гасцям былі ўручаны сувеніры, а тыя, у сваю чаргу, таксама прыехалі не з пустымі рукамі. Г.П. Пашкоў уручыў дыпломы ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі за ўклад у развіццё беларускай культуры, а таксама перадаў бібліятэцы кнігі. Завяршылася сустрэча знаёмствам з храмам кнігі нашага райцэнтра.

 Н.ШЭЎЧЫК. "Зара над Неманам", 11 лiстапада 2015

Таксама аб падзеi:
Mostylib.by: Гарачы след таленту: урачыстае адкрыццё Тыдня культуры Мастоўшчыны
20 лiстапада 2015 года, ЛiМ №46 (4846): Мастоўшчына: сем святочных дзён

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.