КАНВЕРСАВАННЕ ЧАСУ. Нататкі выдаўца

З літоўскім пісьменнікам — членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Яронімасам Лауцюсам мы гутарылі пра тое, наколькі спрэсаваны сёння час, як хутка адходзяць у мінулае часы, дні, гады, даволі часта напоўненыя падзеямі гістарычнага кшталту, як дарэчы і тая, у якой мы прымалі ўдзел, — адкрыццё выстаўкі «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі». Афіша з шагалаўскімі «Закаханымі» будзе ўпрыгожваць Вільнюскую мастацкую мастацкую галерэю аж да 9 лістапада. Арганізатарамі яе сталі ААТ «Белгазпрамбанк», Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, разам з Мастацкім музеем Літвы і пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. А выдавецтва «Чатыры чвэрці» прэзентавала сваю новую грунтоўную працу – мастацкі альбом-каталог гэтай выстаўкі.

Два дні, што беларуская дэлегацыя правяла ў літоўскай сталіцы, былі вельмі насычанымі: прэс-канферэнцыя, адкрыццё выстаўкі, афіцыйныя сустрэчы, дзелавыя перамовы.  

На прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Мастацкім музеі Літвы, прысутнічалі журналісты з вядомых беларускіх, такіх як БелТА, БелаПАН, «СБ. Беларусь сегодня», «Комсомольская правда в Беларуси», а таксама літоўскіх сродкаў масавай інфармацыі. Шмат пытанняў было накіравана старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктару Бабарыку, галоўнаму куратару выстаўкі Уладзіміру Шчаснаму, дырэктару Мастацкага музея Літвы Рамуалдасу Будрысу, дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Пракапцову.

На адно з галоўных пытанняў журналістаў «Чаму ж увагу прыцягнула менавіта Парыжская школа?» адказаў Віктар Бабарыка:  «Прадстаўнікі гэтай школы выяўлялі сваё ўспрыманне навакольнага свету, адкрываючы для сузірання яго прыхаваныя і самыя незвычайныя рысы. Яны валодалі здольнасцю змяняць аблічча свету, аказваючы на яго ўплыў сваім мастацтвам. Усё гэта супадае з ідэалогіяй Белгазпрамбанка — фарміраваць наваколле такім, якім яно павінна быць. Бо знешні свет — унутры нас. Ён такі, якім мы яго жадаем бачыць і якім мы яго імкнёмся ствараць. І ад нас залежыць, які ён цяпер і, самае галоўнае, якім ён будзе для нашых дзяцей і ўнукаў».

Цікавымі для ўсіх былі меркаванні галоўнага куратара выстаўкі Уладзіміра Шчаснага: «Вільнюс — першы горад за межамі Беларусі, дзе экспануецца выстаўка твораў мастакоў Парыжскай школы з калекцыі Белгазпрамбанка. У гэтым — пэўная заканамернасць. На працягу стагоддзяў горад быў сталіцай агульнай для літоўцаў і беларусаў дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. У Віленскім універсітэце з 1793 г. працавалі кафедры архітэктуры, жывапісу, скульптуры і графікі, дзе ўдасканальвалі майстэрства многія мастакі з Беларусі, у прыватнасці Валенцій Ваньковіч, Міхал Кулеша, Адам Шэмеш. Пасля яго закрыцця таленавітая моладзь з беларускіх зямель атрымала магчымасць навучацца ў створанай у 1866 г. Іванам Трутневым Віленскай рысавальнай школе».

На другі дзень на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі гасцей вітаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, а таксама прадстаўнікі яе арганізатараў. Барыс Уладзіміравіч падкрэсліў, што «літоўскім аматарам мастацтва сумесная выстаўка нагадае пра тое, якое значэнне мастакі — ураджэнцы Беларусі — маюць у гісторыі ўсяго еўрапейскага мастацтва».

Напрыканцы перад шматлікікмі ўдзельнікамі імпрэзы выступіў саліст Вільнюскай оперы Рафаілас Карпіс, у выкананні якога прагучалі класічныя творы літоўскіх кампазітараў.

Далей, ужо на прыёме Пасла Рэспублікі Беларусь у Літве спадара Аляксандра Караля з нагоды адкрыцця Дзён беларускай культуры, у рамках якога праходзіць выстаўка, працягваліся разважанні аб узаемасувязях беларускай і літоўскай культур. Як высветлілася ў размовах прысутных, назвы твораў і імёны аўтараў, прадстаўленых на выстаўцы, былі знаёмы шырокай літоўскай публіцы больш па кнігах і рэпрадукцыях. Таму вельмі «прыемным сюрпрызам» стала сустрэча з творчасцю мастакоў-стваральнікаў фенамена Парыжскай мастацкай школы.

Да слова, цікавая падрабязнасць: помнік самаму вядомаму выхаванцу Віленскай школы малявання Хаіму Суціну быў створаны і ўсталяваны на Манпарнасе выдатным літоўскім скульптарам Арбітам Блатасам.

Гісторыя вучыць усіх нас пільна сачыць за тым, што адбываецца ў сучасным свеце, адбіраць і, па магчымасці, занатоўваць лепшае, каб засталася спадчына, каб не вышукваць нашым нашчадкам крупіцы падзей, фактаў, як даследчыкам нашай рэчаіснасці. У гэтым сэнсе роля выдаўцоў — звышадказная.

Тэмы, звязаныя з жыццём і творчасцю нашых знакамітых землякоў — майстроў Парыжскай школы (École de Paris), трэба адзначыць, апошнім часам трывала пасялілася ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Але ў гэты раз акцэнты ў працы былі ссунуты ўбок літоўскай спадчыны. Таму альбом-каталог, што быў падрыхтаваны для наведвальнікаў карціннай галерэі сталіцы Літвы, уключаў шмат новага і для беларусаў. Адбітак вялікай працы супрацоўнікаў «Белгазпрамбанка» і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі па арганізацыі выстаўкі ў мастацкім увасабленні творчага калектыву выдавецтва «Чатыры чвэрці» зноў быў разлічаны на не толькі гурманаў, калекцыянераў, але і спецыялістаў — мастацтвазнаўцаў і культуролагаў.

З’яўленню ў ім новай інфармацыі паспрыяла, у першую чаргу, тое, што многія мастакі з кагорты «Парыжскай школы» першапачатковую мастацкую адукацыю атрымалі ў Віленскай малявальнай школе пад кіраўніцтвам акадэміка Івана Трутнева. Пры падрыхтоўцы альбома нам пашчасціла глыбей з гэтым пазнаёміцца, адчуць якія блізкія беларуская і літоўская культуры, як паўплывалі яны ў сваім гістарычным развіцці адна на адну.

Трапна выказаўся нехта з вядомых людзей, што  «геніяльнасць — гэта ўсяго толькі нязвыклы погляд на рэчы». Ва ўсім свеце вядомы сёння «нязвыклы погляд» на рэчы былых навучэнцаў Віленскай школы — Пінхуса Крэменя, Леона Індэнбаума, Роберта Геніна, Міхаіла Кікоіна, Сэма Царфіна і Хаіма Суціна, якія ў Вільнюсе «здымалі пакой з самаварам», жылі галаднавата, але наведвалі выстаўкі, тэатры, вывучалі літаратуру. Для заробку ім прыходзілася шмат чаго рабіць: пісаць партрэты з фотаздымкаў, ці як Хаім Суцін служыць у багатых яўрэяў-адвакатаў і дактароў. Да слова, Суцін быў адным з лепшых вучняў гэтай школы.

У прадмове да альбома пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус адзначыў, што выстаўка «ўвабрала столькі важных сэнсаў і кантэкстаў! Збор работ мастакоў Парыжскай школы — гэта погляд у пачатак мінулага стагоддзя, акно ва ўнікальны свет былога Вялікага Княства Літоўскага, які на карцінах прызнаных прадстаўнікоў гэтай школы стаў часткай еўрапейскай мастацкай традыцыі. Гэтая выстаўка для нас і пра нас — тых, хто ўсё яшчэ не да канца спазнаў сябе і адкрыўся свету».

А наш альбом-каталог, які па водгуках наведвальнікаў, адразу стаў рарытэтным, уключае інфармацыю на чатырох мовах: літоўскай, беларускай, рускай і англійскай аб тых 69 жывапісных, графічных і скульптурных работах, што былі прадстаўлены са збораў банка, Нацыянальнага мастацкага музея і прыватных калекцый.

Яшчэ хацелася б узгадаць літоўскіх калег з рэдакцыйнага аддзела Мастацкага музея Літвы, з якімі працавалі члены творчага калектыву нашага выдавецтва, удакладняюючы шматлікія падрабязнасці для выдання. Мы вельмі ўдзячны Яніне Спяцялюнене, Гражыне Рутскеіне і Міндаўгасу Шапока ды і іншым.

Пройдзе няшмат часу і завершыцца выстаўка ў Вільнюсе. Але творы і малавядомыя біяграфіі знакамітых мастакоў — Марка Шагала, Хаіма Суціна, Яўгена Зака, Якава Балглея, Пінхуса Крэменя, Надзі Хадасевіч-Лежэ, Роберта Геніна, Шрайгі Царфіна (Зарфіна), Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Рыгора Глюкмана, Леона Індэнбаума, Дзмітрыя Стэлецкага — занатаваныя на старонках нашага выдання, застануцца назаўсёды. Як, спадзяемся, назаўсёды ўвойдзе ў летапіс сусветнай кніжнай культуры ўнікальны сумесны беларуска-літоўскі праект — альбом-каталог «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі».

Ліліяна Анцух, дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці»

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.