Дзеля будучыні! «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі»

Адбылася чарговая навукова-практычная канферэнцыя «Электронная культура», якая была арганізавана ў межах ХХІ Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТіБО-2014» ды ХХІ Беларускага кангрэса па тэхналогіях інфармацыйнага грамадства: Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапанавала выдавецтву прадэманстраваць свой апошні на той час праект — кнігу-альбом «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі». 

Адметна, што ён меў працяг у дзвюх электронных версіях: на сайце «Белгазпрамбанка» і ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь — у выглядзе электроннага носьбіта (флэшкі) для наведвальнікаў. Пэўнага кшталту ноу-хау: «праз выдавецкі праект — у новыя тэхналогіі». Атрымалася вельмі карысная творчая размова зацікаўленых спецыялістаў з памежных галін сацыякультурнай прасторы, здаецца, менавіта на гэтым форуме ўпершыню выдавецкія магчымасці апынуліся ў цэнтры ўвагі.

Паколькі «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» — праект вельмі знакавы ў нашым выдавецкім летапісе, узнікла жаданне падзяліцца ўражаннямі ад нядаўняй працы над ім, над рэалізацыяй іншых задумак, якія, несучы адзіную ідэю, моцна знітаваны з ім.

Але перадусім — маленькі эпізод з майго асабістага жыцця. 2007 год. Лета. Сонечны дзень. Я ў Парыжы, у адным са знакамітых музеяў, літаральна застылая — перад карцінай Хаіма Суціна. Мабыць, стаяла доўга, бо не адпускала прыцягальная моц пэндзля таленавітага Майстра. Пачуўшы голас наглядчыцы, якая нешта пыталася пафранцузску, ад нечаканасці схамянулася. Як магла, толькі па-англійску, растлумачыла ёй, што прыехала з Беларусі і ўпершыню бачу ў арыгінале карціну беларускага мастака, што ў нашай краіне няма ніводнай карціны Суціна, ды і іншых мастакоў Парыжскай школы. Яна ўсміхнулася з разуменнем і адышла. Але праз некалькі хвілін вярнулася, і ўжо не адна, — з ёю былі яшчэ дзве супрацоўніцы музея. Мая знаёмая ў руках трымала аб’ёмісты альбом, разгорнуты на старонцы, дзе была надрукавана рэпрадукцыя гэтай самай карціны. Мілыя жанчыны! — яны прынеслі мне гэты падарунак як зямлячцы сусветна вядомага мастака.

З таго часу шмат добрых змен адбылося ў культурным развіцці нашай краіны. А па сваёй прафесіі, ды і проста для душы, я заўсёды імкнуся ўважліва сачыць за гэтым: шмат дзе бываю — на фестывалях, выстаўках, сустрэчах, і, дарэчы, не толькі ў Беларусі. Канечне, вельмі ганаруся, як, мабыць, і любы беларус-патрыёт, тым, што сёння мы становімся больш вядомыя ў свеце, у нас ёсць шмат таго, што вылучае сярод іншых народаў, у тым ліку культура. Думаецца, менавіта ў наш час (канец ХХ — пачатак ХХІ ст.) прыйшло сапраўднае асэнсаванне гэтага. Не вярнулася яшчэ на радзіму шмат чаго беларускага, але тое, што адбываецца сёння, дзякуючы ў тым ліку неабыякавым людзям, — гэта ўжо вялікія зрухі. Пройдуць гады, вякі, застанецца і пасля нас спадчына — падмурак, на якім будзе трымацца, ідучы ў будучыню, новае пакаленне беларусаў.

Але ж вяртаюся да тэмы свайго аповеду. Выдавецкі праект «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» будаваўся на канцэпцыі выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі, ініцыіраванай і арганізаванай «Белгазпрамбанкам» у межах праекта «Арт-Беларусь», падтрыманай «Газпрам трансгаз Беларусь» і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. З буйных музеяў, навуковых бібліятэк, манастыроў, храмаў, прыватных збораў і карпаратыўнай калекцыі самога «Белгазпрамбанка» было сабрана і размешчана ў экспазіцыі каля пяцісот экспанатаў. Уразіла перш за ўсё сама канцэпцыя. Насуперак стандартным падыходам да фарміравання экспазіцый гэтым разам аўтар ідэі Віктар Бабарыка (старшыня праўлення «Белгазпрамбанка») і афіцыйны куратар Уладзімір Шчасны пабудавалі яе такім чынам, каб наведвальнікі змаглі самастойна разабрацца ў складаным працэсе развіцця мастацтва Беларусі. Выстаўка налічвае шэсць буйных раздзелаў: «Візантыйская традыцыя», «Рэнесанс і барока», «ХІХ стагоддзе», «Дыялог культур», «Мастацкія школы на мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў», «Дэкаратыўна-прыкладное і інсітнае мастацтва ХХ стагоддзя», «ХХ стагоддзе. Метамарфозы». Менавіта па іх і «канструяваўся» наш альбом-каталог. У аўтарскі калектыў з усёй краіны былі запрошаны вядомыя навукоўцы, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі музеяў — некаторыя, дарэчы, працавалі і над стварэннем самой экспазіцыі. Сярод іх Вольга Бажэнава, Людміла Вакар, Адам Мальдзіс, Барыс Крэпак, Надзея Усава, Валянціна Вайцахоўская, Валерый Жук, Вольга Архіпава, Наталля Шаранговіч і іншыя. А навуковым рэдактарам стаў Барыс Лазука. Усе матэрыялы пададзеныя на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Мабыць, чалавеку любой прафесіі цяжка расказваць, як ён робіць сваю справу. У выдавецкай дзейнасці шмат тонкіх, нябачных і на першы погляд дробных рэчаў. Пераказаць усё немагчыма. Але ёсць тое, ад чаго залежыць поспех мастацкай кнігі — гэта, канечне, дызайн. У нашым выпадку тон задаў вядомы мастак Уладзімір Цэслер, стварыўшы вобраз для вокладкі, які даў магчымасць аб’яднаць пад ёй такі вялікі і шматпланавы матэрыял. Калектыў выдавецтва, не шкадуючы сіл, працаваў з натхненнем. Сёння мы ўжо адчулі, што вынік нашай працы ацэнены высока і падрыхтаваны альбом-каталог можа прэтэндаваць на пачэснае месца ў шэрагу найкаштоўнейшых прадстаўнічых выданняў пра беларускае мастацтва. Акрамя таго, матэрыялы, якія апрацоўваліся для яго, могуць стаць вялікай дапамогай для іншага грунтоўнага мастацкага выдання з большым дыяпазонам аналізу мастацтва краіны.

Ва ўступным слове да каталога Віктар Бабарыка патлумачыў, што праект «АртБеларусь» вырас з карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка» «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі». Каб працягнуць свой аповед, я павінна вярнуцца да нашага выдавецкага праекта з адпаведнай назвай, які цудоўным чынам паўплываў, ды і цяпер уплывае, на нараджэнне новых ідэй.

А тады ўсё пачалося з бліскучай па сваёй задумцы кнігі Уладзіміра Шчаснага з менавіта такой назвай, сама ідэя якой вымалевалася пасля сумеснай працы перад адкрыццём маленькага музея Хаіма Суціна ў Смілавічах. Кніга ж нарадзілася ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў 2010 годзе, адразу стала бестселерам. Далей, як кажуць, шчаслівы выпадак — яе прачытаў Віктар Дзмітрыевіч, і наступіла, на мой погляд, новая эра ў развіцці нашай культуры: банк пакрысе купляў карціны мастакоў Парыжскай школы за мяжой — у розных галерэях і на аўкцыёнах, потым — выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў іншых гарадах Беларусі. Цяпер у нашай краіне ёсць творы сусветна вядомых мастакоў-беларусаў! Канечне, усё адбывалася невыпадкова: вядомага ў краіне чалавека, няўрымслівага рупліўца на ніве беларускай культуры, дзяржаўнага дзеяча, дыпламата, драматурга Уладзіміра Шчаснага зацікавілі лёсы землякоў, якія трапілі ў той парыжскі «Вулей», дзе імі было створана шмат шэдэўраў. Лёсавызначальнай падаецца сустрэча з гэтай кнігай і Віктара Бабарыкі — чалавека маладога, які нарадзіўся і вырас у Мінску, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Гэта паспяховы банкір, абаяльны, адкрыты чалавек, у якога цудоўная сям’я. Застаецца толькі здагадвацца, як зарадзілася ў яго любоў да нацыянальнага мастацтва, як мацавалася жаданне адкрыць самім беларусам яго ўнікальнасць, як сваімі ідэямі і пачынаннямі ўдавалася заражаць паплечнікаў. Віктар Бабарыка рэалізаваў такія значныя праекты, што яго варта параўнаць, без перабольшання, з маскоўскім мецэнатам, калекцыянерам і прадпрымальнікам Паўлам Траццяковым, які калісьці пачаў збіраць калекцыю рускага мастацтва. У Беларусі (пасля Алены Аладавай) ён першы, хто зрабіў вялікі ўклад у мастацтва і культуру наогул, значна павялічыўшы іх недатыкальны запас.

Маштаб з’явы ўжо ацанілі сучаснікі, але, як кажуць, «вялікае відаць здалёк». Без сумнення, калі гаварыць словамі Уладзіміра Шчаснага, «спроба рэканструкцыі дзесяці стагоддзяў мастацтва Беларусі нясе на сабе пячатку вялікага гістарычнага кшталту».

Пра сябе і сваіх калег па выдавецтве скажу шчыра: атрымліваем прафесійную асалоду, калі крочым па вуліцах ды плошчах Мінска і бачым велізарныя білборды з выявамі афішы і адначасова вокладкі той кнігі-альбома «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», што, здаецца, толькі ўчора нараджалася ў рэдакцыі. Ганарымся, што пайшла яна да людзей, несучы адбітак таксама і нашай любові да ўсяго роднага — беларускага. Верым, будзе жыць доўга, каб помнілі «потомки православных земли родной минувшую судьбу».

Ліліяна АНЦУХ, дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрці»

Скачать данную статью в газете "ЛiМ" по ссылке: Сумесны праект штотыднёвіка «ЛіМ» і Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.