«Чатыры чвэрці» ў Варшаве

         Па запрашэнні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці» прыняла ўдзел у адкрыцці выстаўкі «Матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына ЮНЕСКА ў краінах Усходняга партнёрства». Выстаўка пачала працаваць з 15 верасня 2018 г. на Цэнтральным чыгуначным вакзале Варшавы.

        Шэсць краін — Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна — прадставілі свае работы для экспазіцыі. У адкрыцці прынялі ўдзел супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы, былі запрошаны паслы краін, акрэдытаваных у Польшчы. Пазнаёміцца з экспазіцыяй выстаўкі змог кожны жадаючы да 23 верасня 2018 г. 

        Пасля афіцыйнай цырымоніі Ліліяна Фёдараўна Анцух была запрошана на аўдыенцыю спадаром Аляксандрам Авяр’янавым, Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. Гаворка ішла пра развіццё стасункаў у кнігавыдавецкай справе паміж краінамі, прасоўванні лепшых узораў перакладной літаратуры да беларусаў, якія жывуць за мяжой, а таксама да польскамоўнага чытача.

        Ілона Юрэвіч, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі пры Пасольстве Беларусі ў Польшчы, расказала пра рэалізацыю ідэі стварэння такой выстаўкі: «Нам паступіла прапанова ад Міністэрства замежных спраў Польшчы паўдзельнічаць у гэтым незвычайным праекце. Мы з задавальненнем прадставілі пяць здымкаў двух аб’ектаў са Спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі — Палаца Радзівілаў у Нясвіжы і Мірскага замка. Фатаграфіі мы запрасілі ў вядомага беларускага выдавецтва “Чатыры чвэрці”, якім была падрыхтавана і выпушчана пры падтрымцы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь кніга-альбом “Беларускія скарбы ЮНЕСКА” (серыя “Культурная спадчына Беларусі”). Гэта кніга пра матэрыяльную спадчыну Беларусі. Нам вядома, што яе прэзентацыя з удзелам паслоў краін, акрэдытаваных у Беларусі, ужо адбылася ў маі 2018 г. у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь і што яна атрымала вельмі высокія ацэнкі ў нашай краіне. Здымкі, якія прадстаўлены цяпер у Варшаве, рабіліся спецыяльна для гэтага выдання».

Фотаздымкі прадстаўлены Культурным цэнтрам Беларусі (Польшча)

У іншых крыніцах: Спадчына Беларусі экспануецца на варшаўскім вакзале

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.