Аб вынiках ХХ Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выставы-кiрмашу

6–10 лютага ў Мінску адбывалася асобая для культурнага асяроддзя падзея — ХХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якую можна лічыць святам духоўнасці, натхнёнасці і прыгажосці слова. Асобая яна яшчэ і ад таго, што адлюстравала ўсе значныя намаганні і дасягненні ў галіне друкарскай справы, якімі парадаваў год пад знакам кнігі.

За 20 гадоў выстава стала на Беларусі добрай традыцыяй шанавання літаратурнага слова, дыялогу і ўзаемадзеяння культур праз кнігу. Выдавецтвы розных краін свету прапанавалі звярнуць увагу на разнастайныя па змесце і афармленні друкаваныя выданні і новыя спосабы ўзмацнення цікаўнасці да чытання.

Сярод шматлікіх стэндаў удзельнікаў выставы быў размешчаны стэнд выдавецтва–пагодкі Мінскай міжнароднай кніжнай выставы з музычнай назвай «Чатыры чвэрці».

Выдавецтву не давялося рыхтавацца да юбілею нейкім надзвычайным здзяйсненнем, яно стабільна і рытмічна дзейнічае на працягу свайго дваццацігадовага існавання. Шматлікімі вынікамі гэтай плённай дзейнасці з’яўляюцца няспынныя прэзентацыі новых рознапланавых выданняў.

Так, адкрыццё юбілейнага года распачала прэзентацыя кнігі пра вядомага пісьменніка, крытыка, доктара філалагічных навук Уладзіміра Гніламёдава. Кніга выйшла ў свет у серыі «Асоба і час», якую выдавецтва распачало з мэтай пазнаёміць чытачоў са славутымі дзеячамі навукі і культуры. “У кнігах У. Гніламёдава знойдзешь усю чалавечую мудрасць, паніманне жыцця, памяркоўна ён даносіць да чытача тое, что перажыў, что бачыў і тое, аб чым думаюць людзі” – Пётр Віцязь. І сапраўды, на старонках твораў змешчаны звесткі, якія адсылаюць да генітычнай памяці пісьменніка, акантаваныя гістарычнымі фактамі. Адной з галоўных паўстае тэма бежанцаў і імкненне беларускага народа знайсці лепшую долю за межамі краіны ў прыватнасці ў Расіі і ЗША. Акрамя мастацкай літаратуры У. Гніламёдаў вядомы праз свае крытычныя водгугі, літаратуразнаўчую працу, даследаванні ў вобласці нацыянальнай літаратуры і яе ўзаемасувязі з іншымі літаратурамі свету.

У кнігу «Уладзімір Гніламёдаў: Заставацца сабой» увайшлі артыкулы, рэцэнзіі і нарысы вядомых і аўтарытэтных крытыкаў і літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў і журналістаў, старонкі інтэрв’ю з У. Гніламёдавым, эпісталярныя і іншыя матэрыялы. Усе яны выяўляюць духоўна-філасофскія і сацыяльна-маральныя асновы і прынцыпы яго жыцця і творчасці. Выданне прэзентавалася на мерапрыемстве, прысвечанам юбілею акадэміка, на якое сыйшліся павіншаваць яго супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, “Жывы герой” твораў У. Гніламёдава—Васіль Зуёнак і сябры пісьменніка.

Другой значнай падзеяй стала прэзентацыя кнігі-альбома пра вядомага мастака Аскара Марыкса, які жыў і працаваў на Беларусі, але меў славацкія карані. Адзін са сваіх найсур’ёзнейшых праэктаў выдавецтва прадставіла ў Нацыянальным тэатры оперы і балета. Праца над альбомам вялася амаль што год пры падтрымцы амбасады Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марыян Серватка заўважыў:«Такія праекты дапамагаюць наладзіць культурныя масты паміж краінамі і захаваць культурныя каштоўнасці». Тым больш значным гэта выданне можна лічыць таму, што ініцыятыва яго стварэння зыходзіла з боку беларускіх прыхільнікаў творчасці А. Марыкса. Дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Анцух успамінае, як аднойчы ў рэдакцыю прыйшоў вядомы беларускі мастак і калекцыянер Ігар Бархаткоў і паскардзіўся, што ў Беларусі няма ніводнага выдання, якое расказвала б пра творчасць знакамітага сцэнографа. «Выкарыстоўваючы фонды нашых музеяў, у якіх захоўваюцца работы А. Марыкса, мы распачалі працу над кнігай, у якой змясцілі не толькі ўспаміны тых, хто яшчэ ведаў мастака, але і ўспаміны яго дачкі, а таксама і водгук мастацтвазнаўцы. Усё гэта вылілася ў сур’ёзны творчы аналіз, які мы сёння маем у форме кнігі. На некаторым этапе стварэння альбома да працы далучылася амбасада Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і дапамагла адшукаць фонд у Славакіі, які падтрымлівае суайчыннікаў за мяжой» — патлумачыла Л. Анцух.

Выдавецтва «Чатыры чвэрці» наладжвае міжнародныя кантакты і часта выступае ініцыятарам сумесных культурных праектаў. З вопыту такога міжнароднага супрацоўніцтва можна назваць наступныя выданні: каталог выставы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» — ён ўключае работы мастакоў – выхадцаў з Беларусі, якія цяпер захоўваюцца ў прыватных і музейных зборах Беларусі, Расіі, Францыі; «Наполеон — полководец и человек» — першае рускае выданне кнігі пісьменніка, доктара гістарычных навук, даследчыка гісторыі Французскай рэвалюцыі і Першай імперыі Жака-Аліўе Будона, у якой ён у простай форме распавялае пра Напалеона, яго асяроддзе, яго асабістае і грамадскае жыццё; «Современные писатели Франции» — кніга пра сучасных французскіх літаратараў, у якой кожны з іх сам піша пра сабе.

Выдавецтва «Чатыры чвэрці» прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. 14 лютага дырэктар выдавецтва Л. Анцух у саставе дэлегацыі адбывае з дыпламатычнай місіяй на Кубу, дзе будзе прадстаўляць узор працы беларускага недзяржаўнага выдавецтва, якое мае рацыю на прасторы кніжнага друку. Саветнік амбасады Кубы ў Рэспубліцы Беларусь Наташа Діаз Агілера паведаміла: «На Кубе не так многа выдавецтваў, таму мы павінны вучыцца праз ваш вопыт. Акрамя таго, у нас зноў пачалося актыўнае вывучэнне рускай мовы, нам неабходна мець кнігі на рускай мове і кнігі па вывучэнні рускай мовы. Мабыць, у такім напрамку і пойдзе развіццё сувязей паміж нашымі выдавецтвамі і выдавецтвам “Чатыры чвэрці”».

Калі гаворка ідзе пра культурны дыялог, нельга не адзначыць шматлікія пераклады кніг з розных моў свету на беларускую і рускую, якімі таксама вядома выдавецтва. Адным з такіх выданняў стала кніга «Ты единственный такой» Яронімаса Лауцюса, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна прэзентавалася выдавецтвам у рамках ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. Вельмі пазітыўнае і натхняльнае выданне, якое складаецца з невялічкіх псіхалагічных расказаў, выйшла ў перакладзе з літоўскай мовы.

Нягледячы на тое, што выдавецтва актыўна наладжвае культурныя стасункі з замежнымі краінамі, яно ўносіць значны ўклад у захаванне нацыянальнай культуры і падтрымлівае беларускіх аўтараў. Такім чынам шырокую вядомасць атрымалі серыі кніг «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі» і «Мінскія маладыя галасы». На прэзентацыі з нагоды выхаду новых кніг, якія папоўнілі названыя серыі, слова трымаў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў: «Разам з Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў выдавецтва праводзіць прэзентацыі, творчыя вечарыны, кніжныя выставы як на рэгіянальным, так і на міжнародным узроўні.

Дзякуючы падтрымцы Мінгарвыканкама, упраўлення культуры і нашых гарадскіх бібліятэк чытачы маюць магчымасць пабачыць кнігі маладых і ўжо сталых літаратараў, якія выходзяць у серыях “Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” і “Мінскія маладыя галасы”. Рыхтуюцца рукапісы ў нашым сталічным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, а спрычынілася і падтрымала ідэю выдання гэтых серый выдавецтва-юбіляр «Чатыры чвэрці».

З выдавецтвам «Чатыры чвэрці», якое ўзначальвае член Саюза пісьменнікаў Беларусі Л. Анцух у нас добрыя творчыя стасункі. Каму, як не пісьменніку, зразумець і падтрымаць пісьменніка? Мы вельмі ўдзячныя, што дырэктар выдавецтва падтрымлівае творы найбольш адметных сучасных аўтараў, і важна, што гэтыя кніжкі вельмі хутка трапляюць ад рэдактарскага стала да чытача».

На ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы былі прадстаўлены новыя кнігі: у серыі «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі» М. Пазнякова «Доверием небо измерю», М. Ільінскага «О любви... и не только», А. Легастаевай «Когда-нибудь», Н. Касцючэнка «Водгукі маўчання»; а ў серыі «Мінскія маладыя галасы» кнігі М.  Латышкевіч «Пульс навальніц», Г. Чумаковай «Мой анёл прысніў мяне», А. Бабурэвіч «Сусвет вымяраю табой».

Асаблівую ўвагу атрымала кніга М. Чарняўскага «Прызба, альбо Смяяцца — не плакаць» (серыя «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі») — кніга, якая прасягнута гумарам, усмешкамі і весялосцю.

Кніга павінна пазнавацца не толькі па аўтары, але і па друкары. Па словах творцаў, якія даверліва аддаюць свае рукапісы ў выдавецтва «Чатыры чвэрці», так яно заўжды і здараецца. «Мне вельмі падабаецца і дызайн, і папера адмысловая, і шрыфт. Выдавецтва “Чатыры чвэрці” прафесійна паставілася да выдання гэтай кніжкі, але ж не толькі да маей, але і да іншых кніг. Можа і тыраж не такі вялікі, як, напрыклад, 300 экземпляраў, але гэту кнігу прыемна ўзяць у рукі. Папулярнасць і зацікаўленасць кніжкай і будзе залежыць ад таго, якая яна ёсць, выгляд павінен быць прыемны, якія б там вершы не былі» — заўважыў Мікола Чарняўскі.

За доўгую дваццаці гадовую гісторыю выдавецтва«Чатыры чвэрці», якое пачынала свой шлях з нотна-музычнай літаратуры, не страціла сваёй цікаўнасці да гэтага накірунку. Па сённяшні дзень друкуюцца зборнікі песень з нотнымі падборкамі. Апошнім з такіх выданняў стала кніга Івана Цітаўца «Васільковая краіна».

З’явіліся новыя праекты наконт стварэння дзіцячай кнігі, распрацоўваюцца праекты культурна-адукацыйнага напрамку. У гэтым плане адметнымі з’яўляюцца плённыя стасункі паміж выдавецтвамі «Чатыры чвэрці» і «Вышэйшая школа», якія працуюць на агульную працу — пашырэнне духоўнага патанцэялу беларускай нацыі, гэтую думку падтрымлівае М. Пазнякоў: «Ліліяна Анцух працуе на Беларусь, яна працуе на будучыню, на выхаванне і развіццё нашай літаратуры і культуры, а больш высокай мэты не можа існаваць у ніводнага друкара, як і ў ніводнага чалавека».

У рамках ХХ Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу выдавецтва «Чатыры чвэрці» правяло 7 прэзентацый. У рэдакцыю ідуць новыя аўтары, нясуць разнастайныя па тэматыцы рукапісы, таксама не спыняецца праца з аўтарамі, якія друкаваліся раней.

Акрамя таго, маладой і бадзёрай застаецца каманда выдавецтва і яго дырэктар Л. Анцух, якая, як вопытны настаўнік і прыхільнік сваёй справы, бачыць вялікія перспектывы развіцця за новым пакаленнем: «Мне пашчасціла, што ў выдавецтва прыходзіць разумная, адукаваная, падкаваная ў тэхнічны плане моладзь, перад якой адкрыты ўвесь свет. Сёння ў выдавецтве ёсць усе магчымасці для складання свайго шляху, а таксама стварэння і развіцця новых самастойных праектаў.

Разам з рэдакцыйным аддзелам на сёняшні момант працуе вытворчасць і гэта заслуга тых, хто прыйшоў сюды ў апошні час. Адкрыта магчымасць рабіць добрыя і прыгожыя кнігі, эксклюзіўныя рэчы. Чым не прастора для развіцця выдавецтва? Я веру, што ў новага пакалення атрымаецца павялічыць тое, што створана намі на першым этапе, а ўсе, чым я магу дапамагчы і ўсё, што ведаю сама, я дасканала раскажу і пакажу. Кожны таленавіты чалавек можа супрацоўнічаць з выдавецтвам «Чатыры чвэрці». Нашы дзверы ветліва адчынены для тых, хто мае сілы, задумкі і жаданне зацвердзіць сябе ў гэтым жыцці».

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.