Супрацоўнікі выдавецтва “Чатыры чвэрці” 31 студзеня 2018 года прынялі ўдзел ў аўтарскім вечары “Пакуль баліць душа паэта” выбітнага пісьменніка, кампазітара, перакладчыка Дзмітрыя Пятровіча.
Цэнтральная бібліятэка імя Я. Купалы гасцінна прывітала наведвальнікаў. Сярод прысутных было шмат знакамітых асоб – сяброў паэта: Мікола Шабовіч, Ганна Міклашэвіч, Лізавета Палеес, Аляксандр Быкаў, Андрэй Зыгмантовіч і многія іншыя. У зале чыталіся вершы, гучала музыка, ліліся песні, але... знайшлося месца і крытыцы! Людміла Вераб’ёва дала ацэнку творчасці паэта, ва ўладзе якога як паэзія, так і проза – зборнік твораў Д. Пятровіча «Белая Жанчына» (Мінск: “Чатыры чвэрці”) вытрымаў нават некалькі перавыданняў.
На духоўнае станаўленне чалавека ў вялікай ступені ўплывае радзіма. Яна з’яўляецца “домам”, куды той заўсёды вяртаецца, на што звярнуў увагу Міхась Пазнякоў. Д. Пятровіч гэтую ролю ўскладае на роднае Заслаўе, а таксама з асаблівай цеплынёй згадвае знакамітых землякоў як дарагіх яму людзей. Перад шырокай публікай паэт з годнасцю прадставіў не толькі шматгранне свайго таленту, але і беларускае сучаснае паэтычнае слова.
Спадзяемся, што Муза Д. Пятровіча і далей будзе натхняць яго на новыя высокамастацкія творы. Жадаем плёну ў працы!
© Фотаздымкі: Васіль Кулікоў, Марыя Ліпніцкая, Мікола Шабовіч