Ёсць імёны ў гісторыі. Ёсць эпоха, на якую глядзяць скрозь прызму надзвычайнага ўкладу ў развіццё дзяржавы ўзрушаючага таленту і велічы асоб. Адной з такіх асоб з’яўляецца Міхал Клеафас Агінскі — кампазітар, палітык, дыпламат. Сапраўдны патрыёт, праўдзівы творца, таленавіты музыка. Многае зрабіўшы для Беларусі, ён пакінуў глыбокі след у яе гісторыі і істотна ўзбагаціў нацыянальную культуру. У сваю чаргу беларусы шчодра аддзячылі земляку: аднаўленне помнікаў матэрыяльнай спадчыны, выданне кніг, запіс дыскаў музычных твораў, пастаноўка спектакляў, правядзенне канцэртаў, арганізацыя мастацкіх пленэраў, папаўненне музейных калекцый новымі шэдэўрамі і рэалізацыя праграм міжкультурнага абмену…
Словы падзякі ўсім тым, хто ўнёс вялікі асабісты ўклад у адраджэнне, вывучэнне і папулярызацыю спадчыны роду Агінскіх: дыпламату Уладзіміру Шчаснаму, прафесару, доктару філалагічных навук Адаму Мальдзісу, кандыдату гістарычных навук Пятру Краўчанку, прафесару, доктару мастацтвазнаўства Вользе Дадзіёмавай, кандыдату мастацтвазнаўства Святлене Немагай, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Рыгору Сароку, Зінаідзе Кучар і Віктару Скорабагатаму, архітэктару Людміле Івановай, дырэктару выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяне Анцух, прадпрымальнікам Уладзіміру Карагіну і Уладзіміру Сівуху, музыкантам Аляксею Фралову і Уладзіміру Байдаву, кінарэжысёру Анастасіі Мірашнічэнка, старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвушу Стружэцкаму, галоўнаму рэдактару «Краязнаўчай газеты» Уладзіміру Гілепу і іншым.
Шчыра рады, што ў працэсе работы па захаванні і аднаўленні спадчыны М. К. Агінскага ўстаноўлены сяброўскія сувязі з літоўскімі, польскімі, расійскімі, французскімі, італьянскімі спецыялістамі. Доказам служаць шматлікія паспяховыя міжнародныя праекты.
250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага было ўключана ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА і адзначана на высокім міжнародным узроўні.
Асаблівая ўдзячнасць дырэктару Рэтаўскага музея гісторыі культуры Агінскіх Вітасу Руткаускасу (Літва), а таксама гісторыку і перакладчыку Юльяну Бельскаму (Масква).
Імя вялікай асобы застанецца ў памяці пакаленняў, а спадчына выбітнага роду стане сувязным фактарам для ўмацавання міжнароднага сяброўства. І абавязкова заўсёды будзе гучаць музыка!..
Павел Сапоцька,
дырэктар Нацыянальнага
гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь,
член Нацыянальнай камісіі
Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА
Добавить комментарий